У Літінстытуце ў Маскве створаць беларускую групу перакладчыкаў

Царева Людмила Михайловна
Варламов Алексей Николаевич
Дек 13 2017
На сайте белорусского проекта "Созвучие" опубликован репортаж о визите делегации Литинститута в Минск и презентации Дома национальных литератур.

Дэлегацыя Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага з Масквы гэтымі днямі наведала беларускую сталіцу. Яны прэзентавалі Дом нацыянальных літаратур, які сёлета пачынае сваю работу ў Маскве, а таксама падзяліліся планамі аб стварэнні беларускай групы перакладчыкаў у іх інстытуце.

На сустрэчы з журналістамі прысутнічала таксама першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ, якая адзначыла:

— Усе мы памятаем наша мінулае, тое, як шчыльна супрацоўнічалі паміж сабой пісьменнікі. На ўсёй савецкай прасторы літаратура была тым інструментам, які ўплываў на фарміраванне асобы. Вялікую ролю літаратура адыгрывае і цяпер. Аднак вельмі хочацца больш ведаць пра тое, што адбываецца і ў творчай прасторы суседніх краін, — і такая магчымасць у нас з'явіцца дзякуючы Дому нацыянальных літаратур у Маскве.

У сваю чаргу рэктар Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага Аляксей Варламаў расказаў:

— Ідэя стварыць Дом нацыянальных літаратур з'явілася ў Літаратурным інстытуце досыць даўно. Бо, вандруючы па Расіі і тых краінах, што знаходзяцца побач, мы ўсюды бачым сваіх выпускнікоў... Але разумеем, што сапраўднае сяброўства народаў, літаратур мы страцілі... Таму вырашылі стварыць такі дом, дзе літаратары маглі б сустракацца. Натуральна, самае галоўнае — гэта кнігі, якія пішуцца, выдаюцца; там можна будзе праводзіць прэзентацыі такіх кніг. Задума такая, каб у гэтым доме (дзе, натуральна, будзе і пастаяннае прадстаўніцтва) змянялі адзін аднаго месячнікі літаратур і Расіі, і суседніх краін. Вядома, Беларусь — першая краіна, у якой мы расказваем пра праект і якую мы запросім у гэты дом. Я ведаю, што ў вас ёсць некалькі пісьменніцкіх саюзаў — нам бы хацелася бачыць у сябе прадстаўнікоў усіх творчых аб'яднанняў.

У Літаратурным інстытуце плануюць адкрыць беларускую групу (навучанне там будзе весціся па-руску). Усіх ахвотных заклікаюць падаваць свае заяўкі. Там хочуць бачыць як паэтаў, так і празаікаў, драматургаў, нарысістаў. Адпаведны конкурс будзе зладжаны на сайце Літінстытута. Яго пераможцы змогуць вучыцца бясплатна за кошт Рассупрацоўніцтва.

Першы прарэктар інстытута Людміла Царова расказала пра асаблівасці навучання новай групы:

— Нам прапанавалі (і такая праграма была зацверджана) засяродзіцца на складанасцях перакладу. Аднак група перакладу — гэта не самамэта, мы не будзем канцэнтравацца толькі на гэтым. Мы будзем імкнуцца аднавіць адзіную культурную прастору, якая, на жаль, была страчана. Мы хочам данесці да нашых саіскальнікаў, што Літаратурны інстытут для іх адкрыты. Бо часта акурат тыя, каму найбольш патрэбна, застаюцца па-за ўвагай.

Варта дадаць, што ў Доме літаратара адбыўся круглы стол з удзелам расійскіх гасцей, а таксама перакладчыкаў, філолагаў, маладых пісьменнікаў. Там быў прэзентаваны праект «Беларусь і літаратурнае «Сугучча». Вельмі зацікавіла прысутных таксама літаратурна-мастацкая перыёдыка Выдавецкага дома «Звязда».